Дзень роднай мовы
21.02.2023Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, –
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.
Г.Бураўкін
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Падчас акцыі “Гавары са мной па-беларуску” школьнікі ў беларускіх народных касцюмах уручалі ўсім вучням і работнікам школы эмблемы з адпаведным зместам.
Падчас гульні-падарожжа “Ці ведаеш ты сваю мову?” вучні 5 “В” класа складалі прыгожы букет для мовы-імянінніцы. Школьнікі з гонарам расказвалі аб тым, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб, чыталі вершы, спявалі песні, адгадвалі загадкі, метаграмы, рэбусы.
Акцыя “Залацінкі роднай мовы”. Усе вучні школы з цікаўнасцю і здзіўленнем знаёміліся з рэдкімі і яскравымі беларускімі словамі, змешчанымі на саматканых ручніках.
Праводзіўся бінарны ўрок “Славутая дачка Полацкай зямлі” (беларуская літаратура і гісторыя Беларусі), прысвечаны першай вядомай беларускай князёўне Рагнедзе. Вучні разам з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры і гісторыі знаёміліся з цікавымі звесткамі пра жыццё славутай жанчыны, прадставілі свой відэаролік “Па слядах Рагнеды”, малюнкі, у клас завітала і Рагнеда, перапранутая выпускніца школы.
Прайшла выстава вучнёўскіх малюнкаў “Роднае слова фарбамі”.